ИМП Приложение

    Дадатак 4

     

    Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбнага прадмета «Замежная мова»

     

    1. Вучэбныя праграмы

    У 2023/2024 навучальным годзе пры вывучэнні вучэбнага прадмета «Замежная мова» (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) будуць выкарыстоўваць вучэбныя праграмы, зацверджаныя пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у 2023 годзе.

    Вучэбныя праграмы размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы.

    Звяртаем увагу, што ў вучэбныя праграмы па вучэбным прадмеце «Замежная мова» (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) унесены наступныя змяненні:

    скарэкціравана агульная колькасць гадзін на вывучэнне вучэбнага прадмета ў IX і XI класах у адпаведнасці з часткай 2 пункта 2 артыкула 150 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі;

    адкарэкціравана структура вучэбных праграм;

    у главу 1 «Агульныя палажэнні» ўнесены чаканыя вынікі засваення вучэбнай праграмы (прадметныя, метапрадметныя, асобасныя);

    адкарэкціраваны выхаваўчыя мэты;

    патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў прадстаўлены для І, ІІ, ІІІ ступеней агульнай сярэдняй адукацыі;

    у главу 2 «Змест вучэбнага прадмета» ўнесены карэкціроўкі ў патрабаванні да авалодання пісьмовым маўленнем;

    адкарэкціраваны віды тэкстаў для чытання, віды тэкстаў для ўспрымання і разумення маўлення на слых, віды маналагічнага выказвання;

    зменены назвы тэм: III клас – «Я і мая сям'я»; V клас – «Свет вакол нас»;

    адкарэкціраваны камунікатыўныя задачы (III клас, VI клас, VIII клас, IX клас);

    унесены змяненні ў моўны матэрыял (адкарэкціраваны фармулёўкі, асобны граматычны матэрыял перанесены з раздзела для прадуктыўнага засваення ў раздзел для рэцэптыўнага засваення).

    1. Вучэбныя выданні

    У новым навучальным годзе ў адукацыйным працэсе будуць выкарыстоўвацца вучэбныя выданні, уключаныя ў «Пералік вучэбных выданняў, якія прыгодныя для выкарыстання ў бібліятэчных фондах устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, у 2023/2024 навучальным годзе» (зацверджаны Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь А. І. Іванцом 06.02.2023 г.). Гэты дакумент апублікаваны ў бюлетэні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Зборнік нарматыўных дакументаў» (№ 7, 2023), размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by / Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Пералікі вучэбных выданняў.

    Электронныя версіі вучэбных дапаможнікаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: http://e-padruchnik.adu.by.

    Да 2023/2024 навучальнага года перавыдадзены з улікам вопытнай праверкі наступныя вучэбныя дапаможнікі:

    Англійская мова

    1. Лапицкая, Л. М. Английский язык : учебное пособие для 3 класса учреждений общего среднего образования с русским языком обучения, с электронным приложением. В 2 ч. / Л. М. Лапицкая [и др.]. – Минск : Вышэйшая школа, 2023.
    2. Лапіцкая, Л. М. Англійская мова : вучэбны дапаможнік для 3 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання, зэлектронным дадаткам. У 2 ч. / Л. М. Лапіцкая [і інш.]. – Мінск : Вышэйшая школа, 2023.
    3. Юхнель, Н. В. Английский язык : учебное пособие для 7 класса учреждений общего среднего образования с русским языком обучения, с электронным приложением / Н. В. Юхнель [и др.]. – Минск : Вышэйшая школа, 2023.
    4. Юхнель, Н. В. Англійская мова : вучэбны дапаможнік для 7 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання, зэлектронным дадаткам / Н. В. Юхнель [і інш.]. – Мінск : Вышэйшая школа, 2023.

    Кітайская мова

    1. Пониматко, А. П. Китайский язык / Кітайская мова : учебное пособие для 3 класса учреждений общего среднего образования с белорусским и русским языками обучения, с электронным приложением. В 2 ч. / А. П. Пониматко [и др.]. – Минск : Вышэйшая школа, 2023.

    У пазначаных вучэбных дапаможніках актуалізаваны і пашыраны лінгвакраіназнаўчы матэрыял, а таксама вучэбны матэрыял, які змяшчае нацыянальны кантэнт. Перагледжаны і дапрацаваны моўны матэрыял у адпаведнасці з кампетэнтнасным падыходам у навучанні замежным мовам; павялічана колькасць заданняў, накіраваных на развіццё камунікатыўных навыкаў; прадстаўлены тэматычны слоўнік да кожнага раздзела; дапрацаваны тэксты для чытання, тэксты для ўспрымання і разумення маўлення на слых; абноўлены змест электронных дадаткаў да вучэбных дапаможнікаў (лексічныя гульні, матэрыялы для капіравання).

    Рэкамендацыі па рабоце з вучэбнымі дапаможнікамі размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы.

    У 2023/2024 навучальным годзе будзе праводзіцца вопытная праверка наступных вучэбных выданняў:

    Англійская мова

    Демченко Н. В. [и др.]. Английский язык / Англійская мова. Учебное пособие для 9 класса (повышенный уровень) учреждений общего среднего образования с белорусским и русским языками обучения (с электронным приложением). В 2 ч.

    Нямецкая мова

    Будько А. Ф., Урбанович И. Ю. Немецкий язык / Нямецкая мова. Учебное пособие для 4 класса учреждений общего среднего образования с русским (белорусским) языком обучения (с электронным приложением). В 2 ч.

    Французская мова

    Вадюшина Д. С. Французский язык / Французская мова. Учебное пособие для 6 класса учреждений общего среднего образования с белорусским и русским языками обучения (с электронным приложением).

    Іспанская мова

    Гриневич Е. К., Янукенас О. В. Испанский язык / Іспанская мова. Учебное пособие для 9 класса учреждений общего среднего образования с белорусским и русским языками обучения (с электронным приложением).

    Кітайская мова

    Пониматко А. П. [и др.]. Китайский язык / Кітайская мова. Учебное пособие для 9 класса учреждений общего среднего образования с белорусским и русским языками обучения (с электронным приложением).

    Да 2023/2024 навучальнага года выдадзены вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнікаў:

    Демченко, Н. В. Английский язык в 8 классе : учебно-методическое пособие для учителей учреждений общего среднего образования с белорусским и русским языками обучения (повышенный уровень) / Н. В. Демченко, Э. В. Бушуева. – Минск : Вышэйшая школа, 2022.

    У вучэбна-метадычным дапаможніку выкладзены метадычныя падыходы і прынцыпы, якія ляжаць у аснове арганізацыі навучання англійскай мове; прадстаўлены агульная характарыстыка кампанентаў вучэбна-метадычнага комплексу (далей – ВМК), карта матэрыялаў кожнага раздзела вучэбнага дапаможніка, метадычныя рэкамендацыі па навучанні відам маўленчай дзейнасці і аспектам мовы, паўрочнае планаванне.

    Поўная інфармацыя аб вучэбна-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце «Замежная мова» ў 2023/2024 навучальным годзе размешчана на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы.

    1. Арганізацыя адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбнага прадмета на павышаным узроўні

    Для базавага і павышанага ўзроўняў вывучэння замежнай мовы прадугледжаны вучэбны матэрыял у межах адных і тых жа сфер зносін і аднаго і таго ж прадметна-тэматычнага зместу.

    Як на базавым, так і на павышаным узроўні вывучэння замежнай мовы адбор зместу навучання павінен забяспечваць фарміраванне ў вучняў гатоўнасці да міжкультурных зносін, узаемаразумення, выхоўваць у іх паважлівыя адносіны да іншых культур, развіваць здольнасць перадаваць у працэсе іншамоўных зносін уласныя думкі і пачуцці.

    Адрозненне пры вывучэнні замежнай мовы на базавым і павышаным узроўнях вызначаецца аб'ёмам прадуктыўнага і рэцэптыўнага слоўніка, колькасцю граматычнага матэрыялу, які падлягае прадуктыўнаму засваенню, колькасцю вырашаемых камунікатыўных задач і ступенню іх складанасці.

    Пры вывучэнні замежнай мовы на базавым узроўні вучням прапануецца вырашаць камунікатыўныя задачы пераважна ў стандартных сітуацыях (напрыклад, расказаць аб прафесіях, запатрабаваных у сучасным грамадстве; распытаць аб папулярных прафесіях у краіне вывучаемай мовы; абгрунтаваць свой выбар прафесіі).

    Пры вывучэнні замежнай мовы на павышаным узроўні вучні павінны вырашаць камунікатыўныя задачы ў стандартных сітуацыях, а таксама праблемныя задачы на аснове больш глыбокіх сацыякультурных і/або энцыклапедычных ведаў (параўнаць асаблівасці розных прафесій; аргументаваць важнасць валодання замежнай мовай у прафесійнай дзейнасці). Мадэляванне разнастайных сітуацый міжкультурных маўленчых зносін з'яўляецца неад'емнай часткай навучання іншамоўнаму вуснаму маўленню.

    Пры навучанні замежнай мове на павышаным узроўні асаблівая ўвага надаецца авалоданню гутарковымі нормамі вывучаемай мовы, прыёмамі самастойнай работы з іншамоўнымі крыніцамі інфармацыі; падрыхтоўцы вучняў да самаадукацыі і набыцця асабістага вопыту міжкультурных зносін; развіццю якасцей полікультурнай асобы, запатрабаваных у сучасным інфармацыйным грамадстве ва ўмовах глабалізацыі.

    У 2023/2024 навучальным годзе ў V–IX класах базавай школы, сярэдняй школы, школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама ў VIII–IX класах гімназіі прадугледжана магчымасць павелічэння колькасці вучэбных гадзін, якія адводзяцца на вывучэнне замежнай мовы (не больш як на 2 гадзіны), за кошт вучэбных гадзін, прадугледжаных вучэбным планам на правядзенне факультатыўных заняткаў.

    Дадатковы вучэбны час павінен быць выкарыстаны:

    для ўдасканалення навыкаў і развіцця ўменняў вуснага маўлення вучняў шляхам вырашэння больш складаных камунікатыўных задач, якія дазваляюць пашырыць і паглыбіць досвед іншамоўнай камунікатыўнай дзейнасці;

    павелічэння аб'ёму прадуктыўна засваяльнага лексічнага і граматычнага матэрыялу ў межах адзінага з базавым узроўнем прадметна-тэматычнага зместу;

    павышэння ступені падрыхтаванасці вучняў да адэкватнай інтэрпрэтацыі феноменаў і з'яў сацыякультурнай спецыфікі краін вывучаемай мовы;

    засваення прыёмаў маўленчых і немаўленчых паводзін, адэкватных нормам і патрабаванням, прынятым у краінах вывучаемай мовы;

    павышэння ўзроўню гатоўнасці вучняў да самаадукацыйнай дзейнасці па авалоданні замежнай мовай;

    удасканалення кампенсаторных уменняў ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці;

    развіцця вучэбна-пазнавальных уменняў вучняў.

    Пры навучанні замежнай мове ў аб'ёме 4 (5) вучэбных гадзін на тыдзень неабходна арыентавацца на праграмныя патрабаванні да вывучэння замежнай мовы на павышаным узроўні.

    Для рэалізацыі пастаўленых задач рэкамендуецца выкарыстоўваць вучэбныя дапаможнікі па замежных мовах для базавага або павышанага ўзроўню, якія ёсць у школьных бібліятэчных фондах, ВМК для факультатыўных заняткаў, дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы, дадатковыя вучэбныя матэрыялы: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы.

    1. Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу

    Фарміраванне функцыянальнай адукаванасці вучняў сродкамі вучэбнага прадмета

    У лістападзе 2023 года плануецца правядзенне новага для краіны маніторынгавага даследавання – Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі (далей – НДЯА), у якім прымуць удзел вучні Х класа.

    НДЯА накіравана на праверку функцыянальнай адукаванасці вучняў – здольнасці, якая забяспечвае эфектыўнае функцыянаванне чалавека ў розных сферах жыццядзейнасці.

    Актуальную інфармацыю аб падрыхтоўцы да даследавання можна знайсці на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/Галоўная / Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі (НДЯА).

    Трэніровачныя варыянты дыягнастычнай работы будуць размешчаны ў пачатку 2023/2024 навучальнага года.

    Чытацкая адукаванасць на замежнай мове прадугледжвае валоданне комплексам уменняў:

    здабываць і разумець інфармацыю з розных крыніц у адпаведнасці з мэтамі і задачамі камунікацыі (вызначаць тэму; здабываць ключавую, асноўную, дадатковую інфармацыю; вызначаць узаемасувязь фактаў і выбудоўваць іх лагічную паслядоўнасць; рабіць вывады; вызначаць задуму аўтара);

    разумець сэнсавы змест іншамоўных аўтэнтычных тэкстаў з рознай дакладнасцю, глыбінёй і паўнатой;

    прагназаваць, знаходзіць, параўноўваць, ацэньваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю, якая змяшчаецца ў розных аўтэнтычных крыніцах;

    адэкватна ўспрымаць і тлумачыць каштоўнасці іншамоўнай культуры ў параўнанні з роднай;

    абгрунтоўваць і аргументаваць свой пункт погляду.

    Вучань павінен умець здабываць неабходную інфармацыю не толькі з тэкставых матэрыялаў, але і з графічных элементаў табліц, схем, графікаў, дыяграм, знакаў, малюнкаў, інфаграфікі, разумець яе сэнсавы змест і правільна інтэрпрэтаваць для вырашэння практычных задач.

    Для фарміравання ў вучняў чытацкай адукаванасці на ўроках замежнай мовы трэба выкарыстоўваць спецыяльна адабраныя тэматычныя тэксты для чытання з нацыянальных вучэбна-метадычных комплексаў па замежных мовах, а таксама дадатковыя несуцэльныя і састаўныя тэксты. Эфектыўнай будзе работа з двума і больш тэкстамі. Гэта дазволіць інтэграваць розныя тыпы інфармацыі і прадэманстраваць разнастайны характар узаемаадносін крыніц інфармацыі:

    супадзенне інфармацыі ў розных крыніцах;

    падпарадкаванне адной інфармацыі другой;

    перасячэнне інфармацыі;

    супярэчнасць;

    супрацьпастаўленне адной інфармацыі другой.

    Паслядоўнасць работы з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў некалькіх тэкстах, задаецца перадтэкставымі, тэкставымі і паслятэкставымі камунікатыўнымі і праблемнымі заданнямі і практыкаваннямі:

    на выбар (выберыце ... з прапанаваных варыянтаў; знайдзіце ў тэксце фразы, ідэнтычныя па змесце з дадзенымі; вызначце, ці адпавядаюць фразы апісанню / фатаграфіі);

    класіфікацыю (згрупуйце факты па (прымеце) …; запоўніце ментальную карту (схему, табліцу); суаднясіце пункты плана (назвы раздзелаў, словы, лічбы, уласныя імёны) з часткамі тэксту);

    знаходжанне і аналіз падабенстваў і адрозненняў (знайдзіце падабенствы / адрозненні ў ілюстрацыі (малюнку, фатаграфіі, схеме, графіку, табліцы) і ў тэксце (апавяданні, рэкламе, анонсе); параўнайце паведамленні (білеты, схемы, знакі, дыяграмы, табліцы) і знайдзіце адрозненні (неадпаведнасці));

    выключэнне лішняга (знайдзіце непраўдзівую / няправільную інфармацыю; выдаліце лішнія факты; скараціце паведамленне (апісанне, апавяданне));

    устанаўленне паслядоўнасці дзеянняў, падзей, фактаў (складзіце карту паслядоўнасці; складзіце план тэксту (малюнка); аднавіце «дэфармаваны» тэкст);

    фармуляванне разважанняў (суаднясіце прычыны, дзеянні і наступствы; запоўніце графічны арганізатар «Рыбіна косць» / «Вырашэнне праблемы»; вызначце магчымыя шляхі развіцця падзеі);

    здагадку (дапоўніце выказванне; запоўніце пропускі ў тэксце; аднавіце прапушчаныя часткі апавядання);

    ранжыраванне (вылучыце 5 найбольш важных фактаў пра …; вызначце значнасць атрыманай інфармацыі для …; складзіце спіс самых важных фактаў / падзей);

    пошук новай (дадатковай) інфармацыі (перайдзіце па спасылцы і знайдзіце інфармацыю пра ... (для …, якая пацвярджае факты з тэксту); знайдзіце ў тэксце інфармацыю (даныя, словы, фразы), якая пацвярджае факты з табліцы, дадатковага тэксту);

    фармуляванне меркаванняў, гіпотэз (прапануйце меркаванне на аснове пачатку / канца тэксту (ключавых слоў, ілюстрацыі), пра што… / чаму…; сфармулюйце простыя (удакладняльныя, праблемныя, інтэрпрэтацыйныя, ацэначныя) пытанні па змесце тэксту; прачытайце загаловак і напішыце пытанні, адказы на якія вы зможаце знайсці ў тэксце, потым дапоўніце кожнае пытанне спісам слоў, якія могуць сустрэцца ў тэксце);

    фармуляванне вывадаў і выказванне меркавання (зрабіце вывад на аснове аналізу табліцы (схемы, малюнка, тэксту); ацаніце праўдзівасць / непраўдзівасць сцвярджэння; перадайце інфармацыю ад імя …);

    інтэрпрэтацыю (прааналізуйце даныя табліцы і аргументуйце неабходнасць (непазбежнасць) якога-небудзь дзеяння; прапануйце шляхі вырашэння праблемы; складзіце памятку (алгарытм дзеянняў)).

    Дыферэнцыяцыя вучэбных заданняў дасягаецца з дапамогай выкарыстання змястоўных і сэнсавых апор, правіл-інструкцый, памятак і алгарытмаў дзеянняў.

    Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета

    У 2023/2024 навучальным годзе актуальнымі застаюцца рэалізацыя ў адукацыйным працэсе выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета «Замежная мова», фарміраванне ў вучняў пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, павагі да гістарычнага мінулага, стваральнай працы як галоўнай умовы развіцця беларускай дзяржавы; выхаванне чалавека, які разумее сацыяльна значную ролю міру і адказны за яго захаванне.

    Вырашэнне гэтых задач садзейнічае фарміраванню атмасферы міру і згоды ў беларускім грамадстве і непасрэдна звязана з дасягненнем вучнямі асобасных адукацыйных вынікаў, адлюстраваных у адукацыйных стандартах і вучэбных праграмах.

    У гэтым кантэксце неабходна звярнуць увагу вучняў на важнасць ведання гераічнага мінулага беларускага народа, нацыянальнай культуры і традыцый, што садзейнічае перадачы духоўнага вопыту народа, выхаванню павагі да айчыннай культуры і гісторыі.

    Вучэбнай праграмай па вучэбным прадмеце «Замежная мова» прадугледжана дасягненне вучнямі наступных асобасных адукацыйных вынікаў: сфарміраванасць якасцей полікультурнай асобы, якая валодае сістэмай гуманістычных каштоўнасных арыентацый і здольная ажыццяўляць міжасобасныя зносіны ў кантэксце дыялогу культур; веданне нацыянальна-культурных каштоўнасцей сваёй краіны і краін вывучаемай мовы; уменне прадстаўляць сваю краіну ва ўмовах іншамоўнай міжкультурнай камунікацыі.

    Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу асаблівую ўвагу неабходна надаваць развіццю культуры маўлення вучняў, фарміраванню паважлівых адносін да субяседніка.

    Выхаваўчы патэнцыял вучэбных заняткаў у найбольшай ступені можна рэалізаваць праз прадметна-тэматычны змест наступных тэм: «Святы», «Тэлеперадачы» (V клас); «Рэспубліка Беларусь і краіны вывучаемай мовы», «Фільмы. Кнігі» (VI клас); «Спорт» (VII клас); «Літаратура», «Кіно», «Музыка» (VIII клас); «Міжасобасныя адносіны» (IX клас); «Выдатныя людзі Рэспублікі Беларусь і краін вывучаемай мовы» (X клас); «Сям'я», «Нацыянальны характар», «Сацыякультурны партрэт Рэспублікі Беларусь і краін вывучаемай мовы» (XI клас).

    Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па кітайскай мове трэба ўзаемадзейнічаць з Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (https://rci.bsu.by), Інстытутам Канфуцыя Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (http://ci.mslu.by).

             Падзел класа на групы пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па замежнай мове ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі, устаноўленымі ў п. 41 Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 19.09.2022 № 322 (далей – Палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі).

    Парадак працягу вывучэння вучнямі V–XI (XII) класаў раней вывучаемай замежнай мовы, якая не вывучаецца ў гэтай установе адукацыі, вызначаецца Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі (п. 65).

    Прадметам кантролю і ацэнкі на ўроку замежнай мовы павінен быць змест кампанентаў іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі (маўленчай, моўнай, сацыякультурнай, кампенсаторнай, вучэбна-пазнавальнай).

    Асаблівую ўвагу трэба надаваць захаванню патрабаванняў вучэбнай праграмы. Пры выкананні вялікай колькасці пісьмовых заданняў парушаецца камунікатыўны характар урока. Пры ацэньванні вынікаў вучэбных дасягненняў вучняў настаўнік павінен аддаваць перавагу вусным формам кантролю.

    У навучанні замежнай мове рэкамендуецца чаргаванне і спалучэнне розных відаў дамашніх заданняў: вусных, пісьмовых; абавязковых, па выбары; агульных, дыферэнцаваных; камбінаваных, творчых. Дамашнім заданням творчага характару папярэднічае падрыхтоўчая работа на ўроку.

    Дамашнія заданні павінны быць разнастайнымі па форме, віду плануемай дзейнасці і пасільнымі для выканання вучнямі. У вучэбна-метадычных дапаможніках для настаўнікаў, якія з'яўляюцца абавязковым кампанентам ВМК, прапануюцца варыянты дамашняга задання. Настаўнік можа выбіраць яго з улікам таго, што было выканана на ўроку ў кожнай канкрэтнай групе/канкрэтным класе.

    З мэтай папярэджання перагрузкі вучняў настаўніку неабходна сачыць за аб'ёмам дамашняга задання, тлумачыць на ўроку змест, парадак і прыёмы яго выканання.

    Старонкі класнага журнала запаўняюцца на той мове, на якой ажыццяўляюцца навучанне і выхаванне ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі. Дапускаецца запісваць на замежнай мове моўны матэрыял, прадстаўлены ў вучэбных праграмах.

    Пры запаўненні графы «Змест вучэбных заняткаў» назва тэмы запісваецца адзін раз згодна з вучэбнай праграмай. На наступных вучэбных занятках паэтапна абазначаюцца канкрэтная сітуацыя зносін, від маўленчай дзейнасці вучняў (маўленне, чытанне, успрыманне і разуменне маўлення на слых, пісьмовае маўленне). Моўны матэрыял запісваецца ў адпаведнасці з каляндарна-тэматычным планаваннем.

    Напрыклад:

    Здаровы лад жыцця. Гаварэнне.

    Прынцыпы здаровага харчавання. Чытанне. Present Simple.

    Назва факультатыўных заняткаў запісваецца ў журнале ў адпаведнасці з назвай вучэбнай праграмы, напрыклад:

    практыкум па чытанні;

    другая замежная мова (іспанская).

    Для правядзення факультатыўных заняткаў прапануецца выкарыстоўваць вучэбныя праграмы, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі. Вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы.

    1. Дадатковыя рэсурсы

    Карысную інфармацыю для падрыхтоўкі да вучэбных заняткаў можна знайсці на наступных інтэрнэт-рэсурсах:

    https://adu.by нацыянальны адукацыйны партал;

    http://еior.by – адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс;

    http://www.belarus.by/by/travel/heritage – афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь;

    http://www.belstat.gov.by/ – Статыстычны штогоднік Рэспублікі Беларусь і іншыя рэсурсы.

    1. Арганізацыя метадычнай работы

    Для арганізацыі дзейнасці метадычных фарміраванняў настаўнікаў замежнай мовы ў 2023/2024 навучальным годзе прапануецца адзіная тэма «Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка замежнай мовы па пытаннях развіцця і выхавання асобы вучня сродкамі вучэбных прадметаў».

    На жнівеньскіх прадметных секцыях рэкамендуецца абмеркаваць наступныя пытанні:

    1. Нарматыўнае прававое і навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу па замежнай мове ў 2023/2024 навучальным годзе:

    Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, іншыя нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу на I, II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі: асноўныя палажэнні, выхаванне ў сістэме адукацыі, агульныя патрабаванні да арганізацыі адукацыйнага працэсу;

    пытанні бяспекі арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі;

    абноўленыя вучэбныя праграмы і ВМК па вучэбным прадмеце «Замежная мова»; эфектыўнасць выкарыстання ў адукацыйным працэсе кампанентаў ВМК па вучэбным прадмеце;

    аналіз вынікаў і напрамкі ўдасканалення падрыхтоўкі вучняў да цэнтралізаванага экзамену па замежнай мове.

    1. Арганізацыя і змест метадычнай работы з настаўнікамі замежнай мовы ў 2023/2024 навучальным годзе з улікам аналізу вынікаў папярэдняга навучальнага года.

    Развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў ажыццяўляецца праз работу метадычных фарміраванняў: школьнага, раённага (гарадскога) вучэбна-метадычных аб'яднанняў настаўнікаў замежнай мовы, школ маладога настаўніка, школ удасканалення педагагічнага майстэрства, школ перадавога педагагічнага вопыту, творчых і праблемных груп і інш. Дзейнасць усіх метадычных фарміраванняў павінна планавацца на аснове аналізу вынікаў метадычнай работы за папярэдні навучальны год з улікам патрабаванняў нарматыўных прававых актаў, адукацыйнага і кваліфікацыйнага ўзроўняў педагагічных работнікаў, іх прафесійных інтарэсаў, запытаў і садзейнічаць іх прафесійнаму развіццю.

    Работа школы маладога настаўніка павінна быць накіравана на адаптацыю педагогаў да прафесіі, аказанне дапамогі ў авалоданні асновамі прафесійнага майстэрства, фарміраванне ў іх патрэбы ў бесперапыннай самаадукацыі. Школа ўдасканалення педагагічнага майстэрства будуе сваю работу на дыягнастычнай аснове. Яна арыентавана на аказанне дапамогі педагогам, якія адчуваюць цяжкасці ў вырашэнні асобных праблем, у іх асобасна-прафесійным развіцці.

    На працягу навучальнага года на пасяджэннях метадычных фарміраванняў настаўнікаў замежных моў рэкамендуецца разгледзець тэарэтычныя і практычныя аспекты развіцця і выхавання асобы вучняў, пытанні методыкі выкладання вучэбнага прадмета ў кантэксце разглядаемай тэмы з улікам наяўнага эфектыўнага педагагічнага вопыту настаўнікаў рэгіёна:

    сучасны ўрок замежнай мовы: яго складальнікі, крытэрыі паспяховасці;

    адзінства адукацыйнай, выхаваўчай і развіццёвай функцый у навучанні замежнай мове;

    актыўныя метады і формы навучання як рэсурс рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета;

    выхаванне і развіццё асобы вучня праз самастойную і творчую работу па замежнай мове;

    развіццё матывацыі вучняў да вывучэння замежнай мовы;

    пазнавальная цікавасць як рыса асобы вучня і яе ўдасканаленне пры вывучэнні замежнай мовы;

    праектная дзейнасць па замежнай мове як сродак развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей, сацыяльна значных, грамадзянска-патрыятычных якасцей асобы вучняў;

    развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў як адна з умоў фарміравання функцыянальнай адукаванасці;

    развіццё камунікатыўнай іншамоўнай кампетэнцыі вучняў на ўроках замежнай мовы праз выкарыстанне медыярэсурсаў;

    праектаванне вучэбных заняткаў па замежнай мове з выкарыстаннем сучасных метадаў і сродкаў навучання, розных форм арганізацыі вучэбнага ўзаемадзеяння, накіраваных на выхаванне і развіццё асобы вучня;

    фарміраванне духоўна-маральнай і эмацыянальна-каштоўнаснай сфер асобы вучняў з дапамогай рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбных заняткаў па замежнай мове.

    З мэтай забеспячэння ўмоў для развіцця прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праводзяцца мерапрыемствы ў адпаведнасці з Рэспубліканскім каардынацыйным планам мерапрыемстваў дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў (https://akademy.by/index.php/be/aktual/37-anons-2).

    Адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў замежнай мовы рэалізуюцца таксама на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі «Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт» (https://ipk.mslu.by).

    Навукова-інфармацыйную і арганізацыйна-метадычную дапамогу настаўнікам замежнай мовы аказвае часопіс «Замежныя мовы» (РУП «Выдавецтва „Адукацыя і выхаванне“»). Часопіс прысвечаны актуальным пытанням выкладання замежнай мовы ў школе. Асаблівая ўвага надаецца сучасным падыходам, методыкам і тэхналогіям навучання замежнай мове.

     

    поделиться в: